May 5th, 2009

Litwin

Давярайма Пану! Працуйма, Літвінове!

«вы як літвін адрозніваецеся ад тых літвінаў,
што маюць дачыненне да сайту Літваніі?»

Пра нас лепей пачытаць у брошуры
«Стаць Літвінам і быць ім!».

Сэнс і мэты дзейнасьці Літваніі.Орґ для мяне досыць цьмяныя й не зразумелыя, таму проста сачу за іхнай дзейнасьцю. Мне цяжка нас зь імі параўнаць, бо ня надта ўяўляю, што тамака за літвінства. Магу толькі некалькі зацямак зрабіць, што ў галаву першае прыйдзе…

1) Літванійцы, як мне падаецца, надта ўжо акрэсьлена адасабляюць тую «нацыю літвінаў» ад іншых — беларусаў, полякаў, літоўцаў, латышоў… Уласна я ніякім чынам, водле нейкіх прыкмет, не падзяляю народ на літвінаў і іншых. Тутака мне хуцей «нюхаўка», «нутро», «сэрца» кажа: «Вось — літвін!», «Вось — русін», «Вось — маскаль!» :) Прытым, чалавек, якога адчуваю як літвіна, можа пачувацца й беларусам, альбо полякам, альбо адначасова літвінам, беларусам, полякам. Бо «маё» літвінства насамрэч дэманструе «памежную» зону, дзе пануе Пан, Сям’я і Айчызна, і дзе абсалютна немагчыма ад мяне-літвіна аддзяліць мяне-беларуса, мяне-поляка й мяне-літоўца. Такую орґанічна сплаўленую й непадзельную на складнікі ідэнтычнасьць на падставе вялікалітоўскага духу, крыві й тутэйшага патрыётызму, я, напэўна, і называю ідэнтычнасьцю сучаснага літвіна.

2) Літванійцы, запісваючы ў сваю нацыю, як мне падаецца, надта ўжо замала ўвагі надаюць караням сваех літвіноў і ўкаранёнасьці іхнай у прасторы Вялікай Літвы (ака Летува + ака Беларусь + Латвія + частка Польшчы, Расіі, Украіны). Калі Вялікалітва дагэтуль у небясьпецы, літвін абавязаны (!!!) працаваць дзеля Вялікай Літвы, і на Вялікай Літве — хоць у Вільне, хоць у Менску, хоць у Смаленску. А каб працаваць дзеля Літвы самаадана, трэба адчуваць ня толькі інтэрнэт-сувязь, але і крэўную, духоўную сувязь зь ёй!

3) Літванійцы, як мне падаецца, грунтуюць сваю ідэнтычнасьць на т.зв. еўракаштоўнасьцях, мала чым адрозьніваючыся ад еўрапейца-эмігранта ў ЗША. Я стрымана стаўлюся да каштоўнасьцяў еўрапейскіх, а да некаторых з тых «каштоўнасьцяў» стаўлюся без талерацыі.

4) Літванійцы, як мне падаецца, замала ўвагі надаюць пытаньню веры. Літвін — хоць хрысьцянін, хоць паганец — ня проста павінны, але на’т змушаны быць пад Боскім крылам! Ніякі чалавек бяз Ласкі Божай — толькі ўласнымі высілкамі — ня здольны перайсьці праз той выклік, які стаіць перад літвінамі й Вялікай Літвой сёньня. Толькі нечалавечымі высілкамі й Божай Ласкай паўстане Літва, расквітнее цывілізацыя літвінская!

Давярайма, безумоўна, Пану так,
быццам ад нас не залежыць нічога ўвогуле!
Працуйма, самаахвярна, літвінове, так,
быццам ад нас адных усё толькі і залежыць!

Сказаць, насуперак грамадзкаму ціску, «Я — ЛІТВІН!» цяжка.
Але на’т гэнага — замала! Трэ’ ня толькі звацца літвінам,
трэба стацца Літвінам! трэба Літвінам быць!