November 25th, 2009

Litwin

Наша тутэйшасць

Канстанцыя Скірмунт «Наша „тутэйшасць“»

«З’явіўся нядаўна ў прэсе выраз, якія стаўся прычынаю абразы для людзей з партыйнымі поглядамі, выраз, які акрэслівае элементарнае самапачуццё жыхароў нашага краю — Літвы разам з Беларуссю. Выраз гэты — нашая тутэйшасць. Іранізавалі на гэты тэмат у выданнях, рабіліся строгія дакоры тым, хто «наіўна» прызнаваўся да «тутэйшасці», ранілася і раніцца натуральнае ды здаровае пачуццё. Зразумейма той выраз ў сапраўднасці, а не ў карыкатуры.

Тым, чым ёсць глыбока схаваныя, гранітныя падмуркі для будовы, тым для патрыятызму прадстаўнікоў і абаронцаў краю ёсць гэнае пачуццё тутэйшасці. Яно выяўляе іх сардэчную повязь з зямлёю, з яе тысячагадовай гісторыяй, з пахаваным у ёй прахам продкаў; яно трымае жывую сувязь іх з мільёнамі мясцовага люду; яно сцвярджае, што чуемся тут, як толькі сягае памяць, — сваімі, тымі, хто амаль зросся з зямлёю, не прыхаднямі, але спадкаемцамі. Бяз гэтага пачуцця, мы, шляхта Літвы і Беларусі, лёгка даліся б да выкаранення цягам астатніх чатырохсот гадоў і шукалі б святлейшага неба ў Кароне, за Бугам і Нёмнам або прамянялі б родную зямлю на звонкі метал. Нашая «тутэйшасць», што бараніла і бароніць нас ад падобных крокаў, ёсць дабрачынным і падставовым пачуццём, і нам нельга страціць гэтага рэальнага фундаменту нашага патрыятызму. Угрунтаванай на тым пачуцці грамадскай будовы не змяце вецер, аніхто тут трывала не паставіць новую будову бяз гэтай падваліны. І толькі так разумее сваю «тутэйшасць» адукаваны чалавек нашага грамадства, калі робіць націск на прывязанасці да свайго краю перад іншымі часткамі нашага даўняга адзінства…

Кожны з нас, халоп або шляхціч, на зямлі Літвы ці Беларусі, мае аднолькавае права з годнасцю звацца літвінам, палякам альбо беларусам. Кожны з нас мае права культурнымі і маральнымі спосабамі кшталціць і развіваць свой народ. Кожнаму з нас: зямлю пад нагамі, неба над галавою, ягонаю ёсць вялікая мінуўшчына краю. І тыя правы, прынятыя з гісторыі, сённяшні дзень перадае будучыні…»