Dzianis Salasz (salasz) wrote in litviny2009,
Dzianis Salasz
salasz
litviny2009

Стаць Літвінам і быць ім!

Стаць Літвінам і быць ім!


У сёньняшнім грамадзтве вельмі важным пытаньнем ёсьць самаазначэньне чалавека. Шматлікія культурныя плыні нясуць свае хвалі з розных краін і кантынэнтаў, а чалавеку ў Нашым Краі неабходна заставацца самім сабой. У брашуры прадстаўлены развагі, чаму сьвядомасьць жыхароў Рэспублікі Беларусь нагэтулькі размытая і не прыводзіць да яснай самаідэнтыфікацыі.

Перш за ўсё паглядзім, якім чынам чалавек набывае дадзеную сьвядомасьць, бо, вядома, што яна яму не даецца цалкам ад нараджэньня. Увогуле, самасьвядомасьць, у тым ліку і нацыянальная, – гэта пачуцьцё асобнасьці адносна іншых, якое фармавалася такімі нацыятворчымі фактарамі як: сымбалі, мова, крэўныя вузы, адносіны да культурнай спадчыны, тэрыторыі і нацыянальны характар. Заўжды пераможны ўплыў на самасьвядомасьць аказвае веравызнаньне, якое для праўдзівага верніка зьяўляецца найвышэйшай катэгорыяй земскага сьвету. Пачуцьцё нацыянальнай сьвядомасьці асабліва праяўляецца ў крызысных сытуацыях, калі патрэбныя супольныя дзеяньні дзеля агульназразумелага дабра народу.

Задамо пытаньне, ці наш народ знаходзіцца сёньня ў крызыснай сытуацыі? Паводле папярэдняга вызначэньня – хіба не, бо ня бачна моцнага праяўленьня нацыянальнай сьвядомасьці. У той жа час відавочнае праяўленьне сьвядомасьці сацыяльнай. Ці можа сацыяльная сьвядомасьць замяняць нацыянальную? Так, можа, і прыклады таму былі ў гісторыі. Гэтак у сярэднявеччы, абсалютная большасьць сялян у Эўропе ня мела выражанай нацыянальнай сьвядомасьці, але паўсюдна акрэсьлівала сябе як людзей “простых”, “тутэйшых”, адрозных ад “паноў”, хаця ў той жа час гэтыя сяляне мовілі ім уласьцівай мясцовай мовай і можна было б іх трактаваць як асобную этнічную групу.

У гэтых разважаньнях мы павінны таксама прымаць пад увагу і складанасьць, якую накладае на наш рэгіён культурна-рэлігійны падзел. Яна праяўляецца ў тым, што крэўныя вузы ў нашым рэгіёне не заўжды аўтаматычна перакладаюцца на самаазначэньне ў нацыянальным сэнсе, а ў мяшаных сем’ях гэтае самаазначэньне становіцца пытаньнем асабістага, сьвядомага выбару чалавека. Нават у выпадках, калі сямейная сытуацыя здаецца не пакідае сумневаў адносна нацыянальнага самаазначэньня, агульная культурная сытуацыя, кан’юнктура ды іншыя фактары могуць аказаць пераможны ўплыў на вынік гэтага самаазначэньня.

Менавіта таму і ёсьць асаблівы сэнс у напісаньні дадзенай працы дзеля Нашага Краю, дзе часта вызначэньне ўласнай сьвядомасьці ёсьць актам волі, а не даецца аўтаматычна звыш.

Ці самаазначэньне “Беларус” ёсьць адпаведным для жыхароў Нашага Краю?

Прычынай, чаму мы пачынаем ад крытыкі найменьня “Беларус” ляжаць навідавоку. Калі ўважлівей прыглядзецца да людзей, што гэтак сябе акрэсьліваюць і пазнаёміцца з дастатковай іх колькасьцю выяўляецца наступны факт. Гэтае найменьне ня мае іншых аб’ядноўваючых характарыстык апроч тэрытарыяльнай і дзяржаўна-грамадзянскай прыналежнасьці. Толькі ў такім сэнсе і толькі сёньня назвай Беларус можна карэктна акрэсьліць усіх жыхароў Рэспублікі Беларусь.

Калі ў папярэднем разьдзеле мы давалі паняцьце самасьвядомасьці, то ўзгадвалі пры гэтым, што апроч тэрыторыі павінны існаваць і іншыя фактары: сымбалі, мова, крэўныя вузы, адносіны да культурнай спадчыны і нацыянальны характар. Атрымліваецца, што паводле гэтых іншых фактараў насельніцтва РБ выказвае шырокую разнастайнасьць, у якой нярэдка прысутнічаюць узаемавыключныя погляды. Найбольш відавочнымі зьяўляюцца сымбалі і мова. Адна частка тых, хто называе сябе Беларусамі прызнаюць сваімі гэрб “Пагоню” і бел-чырвона-белы сьцяг, другой бліжэй камуністычна-масонская сымболіка “сталінскай выпечкі”. Частка сёньняшніх Беларусаў сьвядома ці несьвядома размаўляе на беларускай мове, альбо дыялектах да яе набліжаных. У той жа час большасьць беларускага насельніцтва буйных гарадоў ставіцца да гэтай мовы і яе будучага лёсу, мякка кажучы, абыякава.

Адносіны да культурнай спадчыны таксама фіксуюць істотныя падзелы. Тут сытуацыя нават больш складаная, чым з сымбалямі, бо прысутнічаюць два і больш поглядаў. Для адных сваёй зьяўляецца клясычная расейская культура, якая грунтуецца на расейскай літаратуры ХІХ веку. Сярод моладзі і сярэдняга пакаленьня пераважае прыхільнасьць да расейскай культуры пералому ХХ-ХХІ стагодзьдзяў у іх папулярным і вульгарна-турэмным кшталтах.

Большасьць Беларусаў, якія акрэсьліваюць сябе як сьвядомыя, адчуваюць моцную прыхільнасьць да народнай культуры, якая ў жывым варыянце нажаль вымірае разам з сацыяльна-дэмаграфічнымі зьменамі, якія закранулі сяло і існуе ў рэканструяваным варыянце, прадстаўленым прафэсыйнымі фальклёрнымі калектывамі. Частка сьвядомых Беларусаў ня хочучы абмяжоўваць сябе выключна гэтай пост-сялянскай культурай мае дзьве магчымасьці для выбару: а) сучасная касмапалітычная заходняя культура (ці антыкультура – як каму больш да спадобы); б) шляхэцка-арыстакратычная культура Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) і Рэчы Паспалітай. Асноўная маса ідзе шляхам а), паколькі ён не патрабуе вялікіх высілкаў у культываваньні падобнага тыпу культуры і толькі нешматлікая меншасьць спрабуе ажывіць і рэканструяваць сярэднявечна-сармацкую культуру нашых продкаў.

Ёсьць урэшце і трэцяя група жыхароў нашай краіны, якія ўважаюць сябе за Палякаў і якім шляхэцка-арыстакратычная культура былога ВКЛ зьяўляецца роднай.

Водле веравызнаньня падзел сучасных Беларусаў з дакладнасьцю акрэсьліць нельга. Прычынай гэтаму доўгі пэрыяд камунізму, які нібы “замарозіў” і згладзіў існаваўшыя на пачатку ХХ ст. падзелы. Тым ня менш для практыкуючых вернікаў, якія складаюць прыкладна 10% насельніцтва такія падзелы відавочныя.

Аб нацыянальным характары можна было б разважаць вельмі доўга, адзначым толькі, што так званая “талерантнасьць” ёсьць нічым іншым, як страхам перад канфрантацыяй, якую можа выклікаць адкрыцьцё праўды аб узаемавыключных фундамантах, на якіх сёньня трымаецца “афіцыйная і неафіцыйная беларуская сьвядомасьць”. На нашу думку фундамэнтам гэтай “талерантнасьці” ёсьць постбізантыйская мэнтальнасьць большасьці насельніцтва. У бізантынізме не існуе дакладнага вызначэньня паняцьцяў, а рэзкае аддзяленьне духовага і сьвецкага жыцьця стварае паралельны рэлігійны сьвет. У гэтым сэнсе шырока распаўсюджанымі зьяўляюцца паводзіны, што ўяўляюць сабой спарадычнае практыкаваньне некаторых формаў пабожнасьці без уплыву на рэальныя паставы і рэальнае жыцьцё ў сьвеце згаданых асобаў. У выніку бальшыня Беларусаў – постбізантыйцаў ставіцца да іншых “талерантна”, што можна таксама трактаваць як абыякавасьць. Але пад узьдзеяньнем розных фактараў, у тым ліку і вонкавых, гэтая група асуджана на размываньне і разыходжаньне ў лягеры з какрэтна ідэнтыфікуемымі каштоўнасьцямі, што вельмі марудна, але адбываецца сёньня.

Мяркуем, што гэтага дастаткова для азнаямленьня чытачоў з актуальна існуючымі прычынамі нашай крытыкі найменьня Беларус. У той жа час неабходна прывесьці таксама прычыны гістарычныя крытыкі гэтага найменьня. Вось жа хаця найменьне Беларус не адлюстроўвае складанай рэчаіснасьці грамадзтва Нашага Краю, але яшчэ больш не адпавядае яму ў гістарычным сэнсе.

Найменьне Беларус паходзіць натуральна ад назвы краю – Беларусь. Гэтая назва была прынесена на землі паміж Дняпром і Нёмнам штучна, пры канцы XVIII стагодзьдзя дзеля таго, каб абгрунтаваць далучэньне гэтых земляў да Расейскай Імпэрыі. Да гэтага моманту назва Беларусь вандравала па тэрыторыях сёньняшняй Пскоўшчыны, Цьвершчыны і Смаленшчыны, але ніякім чынам не датычыла тэрыторыяў, што ўваходзяць у Рэспубліку Беларусь. Трэба адзначыць, што назва Русь, якая ёсьць часткай назвы Беларусь ад даўняга часу, менавіта ад сканчэньня існаваньня Кіеўскай Русі, ня носіць характару дзяржаўна-тэрытарыяльнага, але толькі рэлігійна-цывілізацыйны. У Вялікім Княстве Літоўскім Русіны існавалі, але выключна ў значэньні рэлігійным. У сэнсе дзяржаўным маскоўскія ўладары прынесьлі ім назву Беларусь толькі пры канцы XVIII стагодзьдзя.

Чаму ж ня Русь, але Беларусь? Назва Беларусь добра ўкладаецца ў агульную канцэпцыю адзінства ўсіх “людзей рускай цывілізацыі”, да якіх, паводле аўтараў гэтай канцэпцыі, належаць Вялікаросы, Маларосы і Беларусы. Менавіта на гэтым грунтуецца ўся канцэпцыя Заходнерусізму, якую надзвычай няўдала перанялі беларускія адраджэнцы канца ХІХ – пачатку ХХ стст.

Наш Край – Літва

Літва – гістарычна укшталтаваная супольнасьць, якая пачаткова складалася з розных этнічна арыентаваных групаў, пераважна балцкіх і мяшаных балта-славянскіх – у лінгвістычным сэнсе, аб’яднаных доўгатрывалай геапалітычнай неабходнасьцю – пагрозы з захаду і ўсходу – і агульнадзяржаўнай традыцыяй. Вынікам гэтага працэсу стала ўтварэньне палітычнага народу – шляхты Літвы.

Шляхта Літвы напрыканцы свайго канчатковага ўкшталтаваньня як стану амаль цалкам прыняла каталіцкую веру, што і сёньня зьяўляецца важным элемэнтам сьвядомасьці Літвінаў.

Працэсы ХІХ стагодзьдзя прывялі да заняпаду пазыцый палітычнага народу, у выніку чаго супольнасьці Літвінаў не ўдалося на пачатку ХХ стагодзьдзя аднавіць сваю дзяржаўнасьць у гістарычных межах. Але ідэя Літвы засталася!

Яна праявілася напрыканцы ХХ стагодзьдзя, калі разам з заняпадам СССР узьнікла і была агучана ідэя Балта-Чарнаморскай Супольнасьці дзяржаў. Нажаль з прычыны несувымернасьці палітычнага працэсу ў асобных частках былога ВКЛ гэтая ідэя да сёньня не знайшла свайго ўвасабленьня. Але, мы – прыхільнікі ідэі – Літвіны – духовыя нашчадкі шляхты і мяшчанаў ВКЛ ёсьць і мы павінны гуртавацца.

На сёньня можна вылучыць наступныя групы, якія да гэтай ідэі ў той ці іншай ступені адклікаюцца:

* Літвіны – Летувіны культуры балцкай;
* Літвіны культуры польскай;
* Літвіны культуры рускай (беларускай).



Няма нічога дзіўнага ў тым, што Літвіны ў лінгвістычным сэнсе нагэтулькі шматаблічныя. Гэта натуральны вынік існаваньня нашай сярэднявечнай дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага, якая была дзяржавай шматэтнічнай. Літвіны ў першую чаргу нацыя палітычная.

Цывілізацыйныя крытэрыі Літвіншчыны альбо qvinqunx

Пэўным крытэрыем Літвіншчыны павінна стаць прыхільнасьць да лацінскай культуры і цывілізацыі. Цывілізацыя – гэта мэтад супольнага жыцьця. Мэтад, які праяўляецца ў адносінах да паняцьцяў, якія скарочана называюцца па лацінску qvinqunx’ам, а па нашаму пяцімёнам:

* дабро;
* праўда;
* здароўе;
* дабрабыт;
* прыгажосьць.

Літвіны маюць уласнае ўяўленьне ў гэтых паняцьцях, якое зьяўляецца вынікам шматвяковага досьведу жыцьця. Сёньняшняя праблема палягае на тым, што ў выніку вайсковых і грамадзкіх канфліктаў XIX – XX стст. колькасная і маёмасная прадстаўленасьць Літвінаў у Краі катастрафічна зьменшылася. Адпаведна і культурная спадчына, якая засталася па старых Літвінах аказалася быццам бы незапатрабаванай.

Але гэта ня так. Частка старых Літвінаў, якая яшчэ жыве мае просты страх да публічнай дэманстрацыі ўласнай культуры, існуючы ў меншасьці. Другая частка, да якой належыць у асноўным малодшае пакаленьне, інтуітыўна шукаючы свае карані, адчулі свойскасьць Літвіншчыны і сталі Літвінамі з выбару. Наша задача зьвязаць паміж сабой гэтыя дзьве групы і такім чынам забясьпечыць непарыўнасьць традыцыі.

На чым жа палягаюць паняцьці Літвіншчыны? Зьвернемся да пяцімяну:

1. Дабро

Для Літвіна Дабро – гэта Дабро, яб якім навучае Сьвятая Каталіцкая Царква. Ня трэба гэтае паняцьце разглядаць выключна ў рэлігійным сэнсе. Дабро аб якім навучае Каталіцкая Царква мае дачыненьне да ўсіх людзей, незалежна ад іх веравызнаньня. Вядома Царква моліцца за тых, хто яшчэ не ўспрыняў Сьвятла нашай веры, але гэта ня значыць, што ёй абыякавы зямны лёс іншаверцаў ці няверуючых. У гэтым сэнсе Дабром для чалавека ёсьць жыць у згодзе з маральнымі законамі ў дастатковым для свайго стану дабрабыце. Такое паняцьце Дабра аб’ектыўна не супярэчыць паняцьцям Дабра, якія даюць іншыя рэлігійныя сыстэмы. Праблемы ўзьнікаюць тады, калі гэтая аб’ектыўная праўда не знаходзіць увасабленьня ў рэальным жыцьці. У Рэспубліцы Беларусь найбольш яскрава гэта праяўляецца ў пытаньнях абароны жыцьця і ўласнасьці. У першым выпадку гэта адсутнасьць заканадаўчай абароны жыцьця ад нараджэньня – забарона абортаў. У другім публічная і заканадаўчая непавага да права прыватнай уласнасьці, адмаўленьне ад рэстытуцыі – вяртаньня незаконна нарабаванай маёмасьці расейскімі і камуністычнымі рэжымамі. Па гэтых пытаньнях пазыцыя Літвіна дакладна вызначана – мы стаім за права жыцьця ад нараджэньня і за рэстытуцыю маёмасьці для праўдзівых уласьнікаў.

2. Праўда

Паняцьце Праўды для Літвінаў таксама даецца Каталіцкай Царквой. І тут таксама трэба зрабіць заўвагу, што яно не пярэчыць аб’ектыўнаму паняцьцю Праўды. Праўдай зьяўляецца максімальна набліжанае, паводле людзкіх здольнасьцяў, паняцьце аб рэчаіснасьці. Мы верым у тое, што чалавек, які сапраўды імкнецца пазнаць аб’ектыўную Праўду, у сілах яе пазнаць. Найбольш на перашкодзе гэтага пазнаньня стаяць разнастайныя зафальшаваньні гісторыі, якія дарэчы датычаць таксама нашага Імя Літвінаў і нашага Лёсу. Мы мусім даць праўдзівае сьведчаньне аб тым, кім мы ёсьць і што з намі адбылося. Пачынаючы ад Барскай Канфэдэрацыі, праз рэпрэсыі эпохі паўстаньняў ХІХ ст., рэпрэсыі сярэдзіны ХХ ст. у Катыні і ў Курапатах нас зьнішчалі! Але дзякуючы Богу мы выжылі і цяпер можам даць сьведчаньне аб сабе!

3. Здароўе

Паняцьце здароўя ёсьць зразумелым для ўсіх. Адзінае на што трэба зьвярнуць увагу, гэта на тое, што паняцьці ніжэйшага рангу ня могуць супярэчыць паняцьцям вышэйшага. Адпаведна ў сытуацыі, калі напрыклад, здароўе маці пры нараджэньні дзіця знаходзіцца пад пагрозай, гэта не дае маральнага права на аборт, паколькі права кожнай душы – чалавека на жыцьцё ад нараджэньня зьяўляецца вышэйшым.

4. Дабрабыт

Натуральна агульна зразумелы сэнс гэтага паняцьця. Заўвагі датычаць толькі таго, што значыць дастатковы для свайго стану дабрабыт. Гутарка ідзе пра пэўнае натуральнае ўмеркаваньне. Ня ёсьць добрай сытуацыя, аб якой гаворыцца ў вядомай рускай казцы “Аб рыбаку і залатой рыбцы”. Кепска для чалавека, калі яго маёмасны стан зьмяняецца рэзка. У большасьці выпадкаў чалавек да такой рэзкай зьмены аказваецца не гатовы: ні псыхічна, ні маральна. У той жа час, няма нічога кепскага ў памкненьні да павялічэньня свайго маёмаснага стану, галоўнае каб гэта адбывалася ў згодзе з вышэйшымі паняцьцямі: дабром сваім і агулу, праўдай, здароўем іншых людзей і сябе самога. Гэта ёсьць наказ Божы і наказ Літвінаў!

5. Прыгажосьць

Прыгажосьць ёсьць паняцьцем, але ня можа быць наказам. Дасканалае ўяўленьне аб прыгажосьці зьяўляецца толькі ў працэсе выхаваньня. Але наказам ёсьць памкненьне да гэтай дасканаласьці. Літвіны чэрпаюць свайго ўяўленьня аб прыгажосьці з клясычных рымскіх уяўленьняў аб прапорцыях, а таксама з выяўленчага здабытку каталіцызму. Найболей уласьцівымі нам стылямі зьяўляюцца: раманскі, гатычны і барока. Клясыцызм нажаль займеў свой распаўсюд у Краі у часе заняпаду нашай дзяржаўнасьці, таму не павінен цешыцца асаблівым прызнаньнем. Тым ня меней, клясычны выгляд літоўска-польскага шляхэцкага дворыку ёсьць якраз клясыцыстычным. Таму ў гэтым пытаньні ня можна ўсталёўваць вельмі строгіх правідлаў. Галоўнае, каб усё было з густам! Менавіта пачуцьцё густу ёсьць даробкам нашай агульнай з французамі, італьянцамі, палякамі, аўстрыйцамі, харватамі і іншымі – Лацінскай Цывілізацыі.

Стаць Літвінам і быць ім!

Мы ведаем зараз, што значыць быць Літвінам, але трэба ім стаць. Дзіўная хіба думка, але зразумелая пры нашай гісторыі. У сёньняшнім часе шмат хто з жыхароў Рэспублікі Беларусь мае ў сабе літвінскія карані. Але праз сацыяльныя і дэмаграфічныя зьмены, яны парасьлі зельлем маскоўска-савецкага, туранска-бізантыйскага засеву. Зельле нагэтулькі закарэнілася ў нашу зямлю, што пытаньне стаіць аб самім нашым існаваньні. Альбо мы яго вырвем з сябе з каранямі і ачысьцім нашую глебу для роднай Літвіншчыны, ці занепадзем канчаткова ў туранскім багне.

Таму на першым месцы ёсьць дзеяслоў Стаць. Стаць Літвінам, а ўжо потым ім быць. Натуральна гэта не датычыць тых старых Літвінаў, якія імі ўжо ёсьць, але пераважная большасьць з нас Літвінамі паводле сваёй культуры яшчэ не зьяўляюцца. У нас ёсьць моцнае жаданьне быць Літвінамі, але для гэтага прыйдзецца пакласьці яшчэ шмат намаганьняў, каб адпавядаць годнасьці гэтага імя.

І першым крокам да вызваленьня з сецяў, накінутых маскоўска-туранскімі рэжымамі ёсьць вызначэньне і дэклярацыя Праўды аб сабе – мы ёсьць Літвінамі! Сёньня ёсьць выдатная магчымасьць засьведчыць аб гэтай Праўдзе. Улада Рэспублікі Беларусь абвесьціла аб правядзеньні перапісу насельніцтва. У пункце № 9 “Перапіснага ліста” ёсьць пытаньне аб нацыянальнасьці рэспандэнта. Нажаль гэтая ўлада не ўпісала туды, як адзін з адказаў “Літвін”, але мы можам зрабіць гэта самі, калі ў падпункце 5 “Другая” упішам “Литвин”. Просім не зьвяртаць увагі на мову запісу. Зараз для нас гэта не нагэтулькі істотна. Галоўным ёсьць голас – МЫ ЛІТВІНЫ ЁСЬЦЬ!

Litua
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 15 comments